ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ ТЭМПЕРАТУ́РНАЯ ШКАЛА́, шкала Кельвіна,
адна з тэмпературных шкал, якая грунтуецца на другім законе тэрмадынамікі і добра ўзнаўляецца. Прапанавана У.Томсанам (лордам Кельвінам). Т-ра ў гэтай шкале (абсалютная тэмпература) вымяраецца ў кельвінах.
Вызначаецца на аснове ідэальнага Карно цыкла: калі рабочае цела, якое ажыццяўляе цыкл, атрымлівае цеплату Q1 пры т-ры T1 і аддае цеплату Q2 пры т-ры T2, то суадносіны Q1/Q2 = T1/T2 не залежаць ад уласцівасцей тэрмаметрычнага (рабочага) цела, што дазваляе па суадносінах вымераных колькасцей цеплаты ўстанаўліваць адносныя змены т-ры. Для вызначэння абсалютных значэнняў т-ры ўстанаўліваюць асн. інтэрвал т-р (велічыню градуса). Першасна асн. інтэрвал Т.т.ш. супадаў з асн. інтэрвалам Цэльсія шкалы і градус быў роўны 0,01 гэтага інтэрвалу. У 1968 13-я Генеральная канферэнцыя па мерах і вагах устанавіла Т.т.ш. з адзіным рэперным пунктам — трайным пунктам вады (273,16 К дакладна), дзе 1 К прыняты роўным 1/273,16 тэрмадынамічнай т-ры трайнога пункта. Т.т.ш. рэалізуецца з дапамогай працэсаў, звязаных з тэрмадынамічнай т-рай: у шырокім дыяпазоне т-ра вымяраецца з дапамогай газавага тэрмометра, нізкія т-ры вызначаюць паводле тэмпературнай залежнасці магн. успрымальнасці парамагнетыкаў, высокія — паводле інтэнсіўнасці выпрамянення абсалютна чорнага цела.
У.Л.Драгун.
т. 16, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)